Мэта:

чакаецца, што напрыканцы ўрока вучні будуць ведаць:

– асноўныя факты з жыцця і творчасці Максіма Багдановіча;
– жанравыя асаблівасці, спецыфіку кампазіцыі, ідэйны змест лірычных твораў М.Багдановіча;
– гісторыю напісання лірычных твораў;

будуць умець:

– адбіраць і сістэматызаваць матэрыял з розных крыніц для характарыстыкі жыцця і творчасці Максіма Багдановіча;
– характарызаваць духоўны свет лірычнага героя;
– вызначаць нацыянальныя і агульначалавечыя матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча;
– вызначаць спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі ў лірычных творах.

Задачы асобаснага развіцця:

– адукацыйная: стварыць умовы для разумення вучнямі ідэйнага зместу лірычных твораў Максіма Багдановіча;
– развіццёвая: спрыяць развіццю лагічнага мыслення, развіццю ўменняў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі; выразнага чытання вершаў М.Багдановіча; садзейнічаць фарміраванню навыкаў крытычнага мыслення, развіццю творчага мыслення; развіццю ўменняў выказваць і абгрунтоўваць сваё меркаванне, рабіць высновы; удасканальваць камунікатыўныя ўменні, неабходныя для работы ў пары, у групе;
– выхаваўчая: спрыяць выхаванню павагі да свайго народа і роднай мовы.

Тып: урок вывучэння новага матэрыялу.

Узаемасувязь з ведамі, атрыманымі раней: урок – першы з двух урокаў, прысвечаных творчасці Максіма Багдановіча. Вучні знаёміліся ўжо з выбранымі творамі паэта ў 5-м, 6-м, 7-м, і 8-м класах.

Наштобузу (на што буду звяртаць увагу):

1 Асноўныя факты біяграфіі Максіма Багдановіча.
2 Разнастайнасць творчага дыяпазону паэта.
3 Адметнасці лірыкі Максіма Багдановіча.

Ключавое пытанне: Чаму Максіма Багдановіча называюць “паэтам чыстае красы”?

Метады і прыёмы: даследчы метад, метад творчага чытання, эўрыстычная гутарка, праца ў групах, праца ў парах; элементы тэхналогіі актыўнай ацэнкі.

Абсталяванне: падручнік, камп’ютар, выхад у інтэрнэт, сцікеры, фламастары.

Ход урока

I Арыенціровачна-матывацыйны этап

Задача: псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да ўрока, настроіць на супрацоўніцтва, зацікавіць тэмай урока.

Зварот да эпіграфа:

Вечна светлы i вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
                   У.Караткевіч. “Багдановічу”

II Этап актуалізацыі ведаў

Задача настаўніка: актуалізаваць апорныя веды і ўменні, сфарміраваць пазнавальныя матывы.

1) Уступнае слова настаўніка.

Кветкамі зямлі хочацца назваць многія вершы беларускіх паэтаў. Кветкі суправаджаюць нас усё жыццё: сустракаюць пры нараджэнні, цешаць у святы, суцяшаюць у старасці. Яны патрэбны нам заўсёды, таму што без хараства чалавек не можа жыць. Кветкамі зямлі па праву можна назваць i вершы песняра народнай долі, палымянага грамадзяніна i патрыёта сінявокай Беларусі Максіма Багдановіча. У гэтым годзе 9 снежня споўніўся б 131 год з дня нараджэння вялікага паэта. На сённяшнім уроку мы прынясём сваё незвычайнае вязьмо таленавітаму паэту – букет ведаў па яго біяграфіі i творчай спадчыне; пазнаёмімся з некаторымі новымі аспектамі творчасці Багдановіча. Каб наш букет стаў вялікім i рознакаляровым, калі ласка, прыбаўляйце да яго свае краскі-адказы.

2) Франтальнае апытванне.

Пытанні для абмеркавання:

– З якой кветкай асацыіруецца ў вас творчасць Максіма Багдановіча? Чаму? (Васілёк. Менавіта гэта кветка прыгадвалася ў вершы М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, з якім вучні знаёміліся ў 8-м класе: “…І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзора, цвяток радзімы васілька”). Сімвалам нашага ўрока будзе кветка васілёк.

– З якімі вершамі вы яшчэ знаёміліся ў папярэдніх класах?

– Як вы лічыце, чаму Багдановіча называюць “паэтам чыстае красы”?

Сёння мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.

III Этап мэтавызначэння

Задача настаўніка: стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць і яе вынікі, стымуляваць на авалодання прыёмамі навучання і самаадукацыі.

Звярніце ўвагу на дадатак. Запоўніце табліцу “Мае чаканні”. У канцы ўрока мы звернемся да гэтай табліцы і праверым, ці спраўдзіліся вашы чаканні, ці засвоілі вы тэму. Азнаямленне з крытэрыямі На Што Бузу.

Мае чаканні

Я буду ведаць 
Я буду ўмець 
Я змагу прымяніць 
Я змагу выканаць 
Я атрымаю 

IV Этап праверкі дамашняга задання

Задача: праверыць падрыхтаванасць вучняў да ўрока.

1) Праверка індывідуальнага задання. Вучань дэманструе відэакліп, створаны самастойна з урыўкаў песень на словы Максіма Багдановіча (“Па-над белым пухам вішняў”, “Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”, “Вераніка”).

2) Праверка індывідуальнага задання. Вучань дэманструе прэзентацыю ў фармаце Pecha Kucha на тэму “20 цікавых фактаў пра Максіма Багдановіча”, карыстаючыся матэрыяламі сайта http://www.nastaunik.info/node/15290. (Фармат Pecha Kucha: 20 слайдаў па 20 секунд кожны. Задача: за кароткі прамежак часу данесці інфармацыю сцісла, даступна і цікава).

V Этап тлумачэння новага матэрыялу

Задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў.

Вучні атрымліваюць заданні:

1) Заданне ў парах.

1-я пара: на імправізаванай геаграфічнай карце Беларусі неабходна пазначыць месцы і гады вучобы Максіма Багдановіча, карыстаючыся інфармацыяй на сайце https://be.wikipedia.org/ (Мінск, Вільня, Яраслаўль, Ніжні Ноўгарад, Ялта, Ракуцёўшчына, Гродна).

2-я пара: карыстаючыся матэрыялам падручніка на с. 146–150, суаднесці ілюстрацыі з фактамі жыцця і творчасці паэта.

(Ілюстрацыі: вянок – такую назву меў першы і адзіны зборнік паэта; Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь – непадалёк ад яго ўзвышаецца велічны помнік паэту; фартэпіяна – маці Максіма Багдановіча іграла на фартэпіяна; ніва – у газеце “Наша ніва” надрукавалі першае апавяданне М.Багдановіча “Наша ніва”; партрэт Максіма Горкага – бацька Максіма Багдановіча ажаніўся з роднай сястрой жонкі Максіма Горкага; выява старажытнагрэчаскай багіні Феміды – Максім Багдановіч закончыў Яраслаўскі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй).

2) Індывідуальныя заданні.

а) Праца з вершамі М.Багдановіча. Запоўніць табліцу з радкоў вершаў грамадзянскай лірыкі М.Багдановіча.

Табліца можа быць запоўнена так:

ПытанніАдказы
“Нашто на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі мы ўсе разам ляцім да зор?”“Досыць ужо, раты, чужынцам мы служылі”.
“Куды ж ісці і што рабіць?”“Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай”.
“Я верую: бясплодна не засне, а ўперад рынецца, маўляў, крыніца”.
“Брацця! Ці зможам грамадскае гора?”“Беларусь! Твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня!”
“Што зрабіў ты з дзён маладых?”“Будзь жа век маладым!”
“Што чуюць яны там, што бачаць, чаму ўсё дрыжаць і дрыжаць?”“Бо я адну з табою долю маю – зіяць ледзь бачна ў сіняй вышыні”.

б)  Скласці стужку часу жыцця паэта, сцісла адлюстраваўшы на ёй асноўныя факты з жыцця Максіма Багдановіча па датах.

3) Зараней падрыхтаваныя вучні расказваюць (па чарзе) асноўныя звесткі пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, якія суправаджае прэзентацыя (Дадатак).

Астатнія вучні ў класе дзеляцца на дзве групы.

1-я група: запоўніць табліцу з белымі плямамі.

ДатаПадзеяМесца
1892  
 Нарадзіўся Максім Багдановіч 
1902 г.  
 Быў апублікаваны яго першы твор – апавяданне “Музыка” 
 Заканчэнне ніжагародскай гімназіі 
  Яраслаўль
1911 г.  
 Памёр паэт 

2-я група: скласці і запісаць пытанні да сваіх аднакласнікаў па інфармацыі, якую яны пачуюць.

VI Этап выпрацоўкі практычных навыкаў

Задача: стварыць умовы для засваення вучнямі ведаў у форме дзейнасці, развіцця спосабаў мыслядзейнасці. 

1) Праверка індывідуальных заданняў, заданняў у парах
2) Франтальнае апытванне па запаўненні табліцы з плямамі
3) Знаёмства са зборнікам “Вянок”

Раздзелы зборнікаТэмыВершы
“У зачараваным царстве”Міфалогія, прыгажосць прыроды“Вадзянік”,
“Змяіны цар”
“Згукі Бацькаўшчыны”Фальклор“Уся ў слязах дзяўчына”,
“Не кувай ты, шэрая зязюля”
“Старая Беларусь”Любоў да Радзімы“Слуцкія ткачыхі”, “Летапісец”
“Места”Любоў да Мінска“Завіруха”, “У Вільні”
“Думы”Філасофская лірыка“Сяргею Палуяну”,
“Маладыя гады”,
“Жывеш не вечна, чалавек”
“Вольныя думы”Хараство жыцця“Шмат у нашым жыцці ёсць дарог”
“Старая спадчына”Розныя формы вешаў“Санет” (“Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”),
трыялет (“Калісь глядзеў на сонца я…”)
“Мадонны”Каханне да жанчыны, любоў да маці“Вераніка”, “У вёсцы”

У ходзе апавядання настаўнік зачытвае радкі самых вядомых вершаў (“Плакала лета, зямлю пакідаючы…”, “Маладыя гады”, “Жывеш не вечна, чалавек”, “Песняру”).

4) Выразнае чытанне верша “Санет”. Першасны аналіз верша.

– У чым выяўляецца нацыянальнае і агульначалавечае ў вершы “Санет” М.Багдановіча?

– Як раскрываецца ў вершы “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…” тэма Радзімы?

Паспрабуйце раскрыць сімвалічны сэнс санета.

VII Этап падвядзення вынікаў

Задача: садзейнічаць фарміраванню адэкватнай самаацэнкі вучняў.

Зварот да ключавога пытання: Чаму Максіма Багдановіча называюць “паэтам чыстае красы”? Выказванні вучняў.

VIII Этап рэфлексіі

Зварот да табліцы “Мае чаканні”.

IX Этап інфармацыі пра дамашняе заданне

Задача: забяспечыць разуменне вучнямі мэт, зместу выканання дамашняга задання.

Выразна прачытаць вершы “Маладыя гады”, “Плакала лета, вясну пакідаючы”. “Жывеш не вечна, чалавек” “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”. Зрабіць аналіз верша (на выбар).

X Заключнае слова настаўніка

Максіма Багдановіча часта называюць зоркай беларускай паэзіі. Яго параўноўваюць з метэарытам, які, згараючы, асвятляе ўсё вакол сябе. Паэзія вялікага песняра сагравае і сёння наша жыццё, трывожнае і неспакойнае. Максім Багдановіч – недасягальная велічыня на небасхіле беларускай паэзіі, тонкі лірык, майстра мастацкага слова. Паэт, чый трагічны лёс абарваўся ў 26 год, а творчасць прамільгнула яркай зоркай на ўсходзе нацыянальнага адраджэння. “Бо як ёсць у народа такія, не загіне давеку народ”, – У.Караткевіч.

Прочитать публикацию на сайте ng-press.by:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *