Падведзены вынікі рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют», які прайшоў у Беларусі ўпершыню, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
У кожнай намінацыі вызначаны пераможцы. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі:
«Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі» — дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна Андрэй Смалянчук;
«Малады загадчык установы, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі» — загадчык дзіцячага сада № 252 Мінска Андрэй Дзмітрук;
«Малады настаўнік» — настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 9 Мазыра Віктар Гарбачук;
«Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі» — выхавальніца дзіцячага сада № 27 Маладзечна Настасся Васілевіч.
24 маладыя педагогі на працягу тыдня дэманстравалі свае шматлікія прафесійныя здольнасці і таленты падчас розных выпрабаванняў: самапрэзентацый, майстар-класаў кіраўніцкай дзейнасці, адкрытых урокаў (заняткаў) у незнаёмым класе (групе), публічных выступленняў перад педагагічнай грамадскасцю.
Канкурсанты расказвалі пра свой педагагічны шлях, дзяліліся формуламі поспеху і прафесійнымі сакрэтамі, напрыклад, як стварыць умовы для камфортнага і выніковага навучання, як зрабіць цёплай і душэўнай атмасферу выхавання і навучання дзяцей.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
Прачытаць навіну на першакрыніцы