Мэта: паглыбіць і пашырыць веды вучняў пра сінонімы, іх семантыка-стылістычныя асаблівасці і разнастайнае выкарыстанне ў маўленні, ужыванне сінонімаў як сродкаў сувязі сказаў і частак у тэксце.

Задачы:

– садзейнічаць выпрацоўцы ўмення знаходзіць сінонімы ў тэксце, фармуляваць агульнае лексічнае значэнне сінанімічнага рада, падбіраць сінонімы да прапанаванага слова;
– ужываць сінонімы ва ўласным маўленні і выкарыстоўваць іх як сродак сувязі сказаў і частак у тэксце;
– праз сістэму заданняў паўплываць на выхаванне паважлівых адносін да людзей і выклікаць пачуццё асуджэння да негатыўных людскіх учынкаў.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, вершы для задання, карткі для жэрабя, сігнальныя карткі.

Інтэрактыўная гульня “Сінанімічны паядынак”

 Ход мерапрыемства

Настаўнік. Сёння мы ладзім інтэрактыўную гульню-спаборніцтва па тэме “Сінонімы”. У вас ёсць магчымасць прадэманстраваць свае веды, эрудыцыю, уменне працаваць у камандзе.

Спачатку давайце падзелімся на дзве каманды, але не па жаданні, а паводле жэрабя, ці, інакш кажучы, лёсавання. Выцягніце, калі ласка, кожны па картцы. Прапануйце прынцып, згодна з якім усе словы можна падзяліць на дзве групы. (Прынцып падзелу вучні тлумачаць наступным чынам: той, хто выцягнуў карткі з назвай прадметаў – у адной камандзе, хто выцягнуў карткі з прыметай прадмета – у другой). Дык вось, у нас дзве каманды.

НазоўнікПрыметнік
варта
ахова
канвой
дазор
патруль
пост
пікет
добры
чалавечны
чулы
ласкавы
гуманны
дабрадушны
міласэрны

За ўдзельнікамі гульні і выкананнем яе этапаў будзе сачыць наша паважанае журы, якое ацэніць, наколькі ўпэўнена вы валодаеце ведамі па тэме і ўжываеце іх на практыцы. Атрыманыя балы журы будзе фіксаваць у лісце ацэньвання.

1. Конкурс “Ветлівы” хлопчык

Ну й “ветлівы” хлопчык!
(Хто кемны – зважай!)
Заходзіць аднойчы
Бабулька ў трамвай.
Заходзіць бабулька,
А месца – няма.
Сказаць “уступіце”
Не можа сама.
А “ветлівы” хлопчык
Насупраць сядзіць
І пільна ў акно
Пазірае, глядзіць.
Прыкінуўся хлопчык
Нявінным такім,
Як быццам бабулькі
Не бачыць зусім.
І толькі нарэшце
Ля школы сваёй
Ён ветліва кажа
Бабульцы старой:
— Садзіся, бабулька,
Мне злазіць цяпер…
А быў жа той хлопчык,
На жаль, піянер.

Заданні да верша:

а) Знайдзіце ў вершы сінонімы. (Пазірае, глядзіць).

б) Падбярыце і запішыце сінонімы да падкрэсленых слоў. (Кемны – разумны; пільна – уважліва; нявінны – няшчасны, бедны; злазіць – сходзіць).

в) Падбярыце сінонім да слова “ветлівы” ў вершы Ніла Гілевіча. (“Ветлівы” – нявыхаваны, нахабны).

Як вы ацэньваеце паводзіны хлопчыка? Якім ён быў?

2. Конкурс “Хто хутчэй?”

Настаўнік: Запішыце сінонімы ў парадку ўзмацнення прыметы або дзеяння. Дамінантнае слова падкрэсліце.

Другу баліць – мне нялёгка.
Маме баліць – вельмі цяжка.
Сыну баліць – невыносна.
А Радзіме баліць –
Стыне сэрца ад болю.
                                     Н.Загорская

(Нялёгка, цяжка, невыносна, стыне сэрца).

Настаўнік. Ці аднолькавая ступень праяўлення пачуцця перадаецца паэтэсай? Чаму так выражае свае пачуцці Н.Загорская?

3. Конкурс “Будзь уважлівы!”

Настаўнік: У сказах знайдзіце сінонімы, растлумачце іх значэнні.

а) І раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпны яркі сноп святла. Асляпіў.

б) Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. І зноў адтуль, у адказ, меч святла.

в) Празрысты месяц стуль на поле празрысты, светлы стоўп спусціў.

(Сноп, меч, стоўп).

4. Конкурс “Знайдзі пару”

Настаўнік: З другога слупка падбярыце адпаведны сінонім да слоў з першага слупка.

1ПрацаАДружба
2ПяшчотныБУпарта
3ВярнуцьВПаведаміць
4Аб’явіцьГАддаць
5СпакойДРабота
6СяброўстваЕДоктар
7УрачЁГультай
8ЛянівецЖЗагаловак
9СумнаЗМала
10НастойліваІЦішыня
11НазваКСакрэт
12НямногаЛМаркотна
13ТайнаМЛаскавы

(1-Д, 2-М, 3-Г, 4-В, 5-І, 6-А, 7-Е, 8-Ё, 9-Л, 10-Б, 11-Ж, 12-З, 13-К).

5. Конкурс “Выберы і растлумач”

Настаўнік: Выберыце з прапанаваных сінонімаў тыя, якія больш падыходзіць па сэнсе, і растлумачце, чаму.

а) Родныя мясціны, (хата, харомы, дом, палац), бацькі мае – усё ўспамінаецца з замілаваннем і шчымлівым болем.

б) (Мары, летуценні) занеслі мяне далёка ад дому.

в) Нездарма спрадвеку кажуць у народзе: (сварка, дыскусія, палеміка) не да ладу, (сварка, дыскусія, палеміка) хату зводзіць.

6. Конкурс “Сагрэй словам”

Настаўнік: Зачытайце ўрывак з верша В.Віткі. Паспрабуйце замяніць падкрэсленыя словы сінонімамі ў прамым значэнні. Ці можна гэта зрабіць?

Стогнуць пілы, скрыгочуць бульдозеры –
Наламана нямала дроў.
І чарсцвее душа ад карозіі
Безадказных, бяздумных слоў.
Іх не возьмеш назад, іх не вернеш.
Камяком боль у горле засох.
І ніколі не ўзыдзе зерне,
Што ўпала ў бясплодны пясок.

Настаўнік. Знайдзіце ва ўрыўку сінонімы.

(Стогнуць – скрыгочуць, безадказных – бяздумных).

7. Конкурс “Знайдзі і дапішы”

Настаўнік: З прапанаванага сказа выпішыце сінонімы, дапоўніце сінанімічныя рады сваімі словамі.

Я часта дзівіўся, як можа мясціцца ў гэтым панурым і маўклівым чалавеку такая невычэрпная чуласць і пяшчота, што мяжуе бадай з мацярынствам.

(Пануры, маўклівы, негаварлівы, сумны…; чуласць, пяшчота, дабрыня, чалавечнасць…).

8. Конкурс “Бумеранг”

Настаўнік: Гэты конкурс складаецца з трох заданняў.

а) Вярні сінонім да слоў: свежая газета, простая задача, моцная вяроўка, свежы ручнік, салодкі яблык.

(Свежая газета – сённяшняя газета, простая задача – лёгкая задача, моцная вяроўка – трывалая вяроўка, свежы ручнік – чысты ручнік, салодкі яблык – смачны яблык).

б) Замяні ўстарэлыя словы агульнаўжывальнымі.

Хутка скончыліся зімовыя вакацыі. Зноў трэба брацца за кнігі, даставаць атрамант. Затое будзе весела, а то сядзіш адзін як перст дома.

(Вакацыі – канікулы, атрамант – чарніла, перст – палец).

в) Замяні іншамоўнае слова беларускім адпаведнікам.

Працяжнік патрэбна адрозніваць ад дэфіса.
(Дэфіс – злучок).

Арфаграфія знаёміць з правіламі напісання.
(Арфаграфія – правапіс).

Перад вачамі разгортваўся прыгожы пейзаж.
(Пейзаж – замалёўка).

9. Конкурс “Скарбонка народнай мудрасці”

Настаўнік: Да выдзеленых слоў падбярыце фразеалагізм-сінонім.

Працаваць старанна – …
(Да сёмага поту, не пакладаючы рук, закасаўшы рукавы…)

Былі аднолькавыя – …
(Абое рабое, два боты – пара, адзін у адзін…)

Дакучаць каму-небудзь – …
(Мазоліць вочы, блытацца пад нагамі…)

10. Конкурс “Хто болей”

Настаўнік: Да прапанаваных слоў падбярыце як мага больш сінонімаў.

1. Гультай, абібок…
(Лежабок, лежань, лайдак, лодар, труцень, паразіт, лянівец…)

2. Працавіты, старанны…
(Руплівы, дбалы, цягавіты, рупны, завіхасты…)

Настаўнік: Мае дарагія вучні, спадзяюся, што сённяшні сінанімічны паядынак быў для вас карысным, цікавым і займальным. Усміхніцеся вы адно аднаму, а таксама мне. Але паядынак ёсць паядынак, у ім заўсёды ёсць пераможца. Зараз журы аб’явіць вынікі нашага паядынку.

Журы падводзіць вынікі гульні, падлічвае балы, вызначае каманду-пераможцу.

Настаўнік: Кожнаму чалавеку неабходна ведаць родную мову. Мова будзе жыць да таго часу, пакуль яе вывучаюць, шануюць і цікавяцца ёю. Беражыце моўную і культурную спадчыну свайго народа, каб можна было гэты скарб перадаць нашчадкам, новым пакаленням.

Прочитать публикацию на сайте ng-press.by:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *